Хоспис оказывает помощь более чем 450 семьям
Сбор на 2024 год 1 800 000 руб.

Как помочь

Фотавыстаўка «Нябачныя героі»

Фотавыстаўка «Нябачныя героі» арганізавана сумесна з грамадскай дабрачыннай арганізацыяй «Беларускі дзіцячы хоспіс». Мэта выстаўкі – прыцягнуць увагу да праблемы дзіцячых хвароб і дзейнасці хоспіса, падтрымаць пацыентаў і іх сем’і, пазнаёміць шырокую грамадскасць з праблемамі такіх сем’яў праз моцныя і глыбокія фотавобразы.

   «Нябачныя героі» паказваюць жыццё як цуд, дзе кожны ўдзельнік – магутны добры чараўнік. Выстаўка здзейснена, дзякуючы таленту фатографаў Ксеніі Ляговіч (валанцёра, студэнткі) і Ульяны Казакевіч (супрацоўніка хоспіса), якія на дабрачынных пачатках арганізавалі фотаздымку.
У экспазіцыі – партрэты падапечных хоспіса, якія паўстаюць у вобразах беларускіх міфічных персанажаў, героеў беларускіх казак. 45 фотаздымкаў – акенцаў у свет мрояў і надзеі, свет моцнай падтрымкі, сілы і мудрасці народнай традыцыйнай культуры. Калісьці ў кожнага з герояў фотаміфаў прасілі дапамогі, станавіліся іх ахвярамі, ім дзякавалі. Кожная магутная сутнасць старажытнага беларускага фальклору валодала не толькі магічнымі здольнасцямі, але і няпростым характарам. І знешнія, і асабістыя рысы міфічных істот перададзены героямі ярка, выразна, красамоўна і жывапісна. 9 рэальных герояў становяцца 9 міфічнымі сутнасцямі, прадстаўленымі ў фотасерыях.
   Глыбокая мудрасць і моц беларускай міфалогіі дзеліцца з тымі, хто яе ўвасабляе, імкнецца зразумець і натхніцца. Небяспечная азярніца ў выкананні Кацярыны Ляшко вабіць прыгажосцю, але і транслюе ўнутраную моц гераіні, яе ўладарства над цёмнымі водамі і жыццём. Бай увасоблены Андрэем Сіваковым нібыта поўніцца ведамі стагоддзяў, ён абавязкова закалыхае пасля перанесеных цяжкасцяў і ліхаключэнняў, яго розум здолее зразумець і выбачыць сусвет. Вельмі натуральным атрымаўся вобраз Еўніка ў Рамана Кукрэша – сялянская хата, сноп жыта, заліхвацкія вусы – ён будзе пільна сачыць, каб жыхары не адлыньвалі ад працы. Навагодні, казачны, дзівосны – Зюзя ў выкананні Максіма Бойчанкі. Усмешка маленькага Зюзі пераконвае, што ўсе яго навагоднія жаданні абавязкова павінны спраўдзіцца. Таямнічай выглядае фігура Капялюшніка. У Максіма Бекуса атрымалася настолькі ўвайсці ў ролю, што прыцемак, ліхтар, плашч і агульны настрой фотаздымка робяць вельмі фантастычнае ўражанне – нібыта блукаючага агенчыка альбо пярэвертаня. Паляся Дар’і Загароўскай – шчырая, вясёлая, сонечная. Вочы, твар, усмешка, нацыянальны касцюм і ахапак жыта ў руках – увасобленыя дзяўчынай плённае лета і дух поля. Пячурнік у выкананні Рыгор Доўгіх – утульны, надзейны, гасцінны. Дабрабыт хаты залежыць ад яго, і можна быць упэўненымі: гаспадары будуць шчастлівымі, пры добрым стаўленні ён абавязкова папярэдзіць аб небяспецы. Надзвычайна ўражвае вобраз цара-вужа Германа Саламаціна. Высокія магутныя дрэвы, карона, выразныя рысы твару, пярсцёнак і трон… Цар-вуж можа навучыць гаварыць на мове жывёл, але не спрабуйце адабраць яго карону хітрасцю – змяінае войска тут жа дагоніць і заб'е… Вельмі эмацыйная серыя дазваляе паверыць і ўявіць, як высакародная, непадробная сіла леса, яго кронаў, ствалоў дапамагае хлопцу пераадолець усе цяжкасці. Ізумрудна ззяе, зіхаціць цмок Макара Рудніцкага – містычная істота, герой казак і легенд, якому падуладна ўсё, асабліва ў 2024-м – годзе зялёнага драўлянага цмока па кітайскім календары...
   Міфы аб «нябачных героях» з цягам часу становяцца казкамі і жывуць побач з людзьмі, якія не вераць, не заўважаюць містычнасці прадметаў і прыроды, не могуць іх убачыць, але час ад часу адчуваюць іх прысутнасць. Такім жа чынам незаўважна прысутнасць людзей з інваліднасцю, хаця пераадольвать штодзень надзвычайныя цяжкасці – сапраўдны цуд. Фотавыстаўка «Нябачныя героі» сцвярджае, што не заўважаць – не выйсце. Вельмі значна не забываць пра тых, хто побач, быць уважлівымі і чулымі – і навучыцца бачыць цуд у звычайным жыцці.
Новости