19 сакавіка мы правядзем фэст «Розныя разам»
Фэст уяўляе сабой серыю мерапрыемстваў, прысвечаных правам дзяцей з інваліднасцю. Усе актыўнасці пройдуць у адзін дзень у Валожынскім раёне (Мінская вобласць) і Гомелі.
У Фэсце прымуць удзел дзеці з інваліднасцю, неданошаныя дзецi, іх сем'і і сябры, а таксама дзеці, якія жывуць у дзіцячых інтэрнатных установах, супрацоўнікі дзяржаўных сацыяльных устаноў, прадстаўнікі органаў улады і іншыя госці.
Мэты: прыцягнуць увагу да праблем асаблівых дзяцей у Беларусі, павысiць дасведчанасць грамадства аб праблемах i патрэбах сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю.
Сярод мерапрыемстваў Фэста будуць забаўляльная праграма, майстар-класы, пачастункі. Акрамя таго, бацькі цяжкахворых дзяцей змогуць атрымаць прафесійныя кансультацыі юрыста, а таксама праверыць свае веды ў сферы абароны правоў дзяцей з інваліднасцю.
«Фэст «Розныя разам» – прыклад таго, як павінны быць арганізаваныя любыя дзіцячыя мерапрыемствы, незалежна ад таго, якія дзеці прымаюць у іх удзел, – гаворыць кіраўнік праекта па абароне правоў цяжкахворых дзяцей Беларускага дзіцячага хоспіса Марыя Барынава. – Даступнае асяроддзе, інклюзіўны падыход, магчымасці ўсіх дзяцей (з асаблівасцямі і без) – гэта аснова асноў. Бо ўсе дзеці, незалежна ад таго, здаровае дзіця ці не, – гэта проста дзеці, якія хочуць весяліцца, радавацца, гуляць. І кожнае дзіця мае на гэта права. Розныя сапраўды павінны быць разам! Падчас нашых мерапрыемстваў мы будзем гаварыць аб ролі хворых дзяцей у грамадстве, сацыяльнай інклюзіі і інтэграцыі, правах дзяцей з інваліднасцю бавіць вольны час і адпачываць нароўні з іншымі».
Праграма мерапрыемстваў
Мінская вобласць:
Месца правядзення: сядзіба-экамузей «Свет пчол» (Мінская вобласць, Валожынскі раён, в.Барок, 2).
Час правядзення: 12.00-15.00.
Колькасць удзельнікаў: 70 чалавек.
У праграме: музычная праграма «Гуканне вясны», майстар-класы па роспісе гліны, экскурсійная праграма, абрад спальвання пудзіла і завязвання стужачак на дрэве, смачныя пачастункі. Будзе арганізавана тэматычная фотазона.
Мерапрыемства пройдзе на тэрыторыі, адаптаванай для людзей з інваліднасцю. Сядзіба-экамузей «Свет пчол» удзельнічала ў праекце па стварэнні інклюзіўнай інфраструктуры на турыстычных аб'ектах «Валожын без бар'ераў».
Валожынскі раён стаў першым у Беларусі раёнам, які паставіў перад сабой мэту стаць даступным для ўсіх катэгорый турыстаў, уключаючы і тых, у каго ёсць асаблівыя патрэбы. Дзякуючы праекту людзі з праблемамі зроку, слыху, апорна-рухальнага апарата, ментальнымі асаблівасцямі могуць адпачываць і адчуваць сябе камфортна падчас падарожжа па Валожынскім раёне. А жыхары і госці раёна зараз лепш разумеюць, што такое інклюзія і чаму трэба ўключаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў актыўнае грамадскае жыццё.
Гомель
Месца правядзення: гандлёвы цэнтр «Крышталь» (Гомель, вул.Ільіча, 333).
Час правядзення: 12.00-17.00.
Колькасць удзельнікаў: 20 дзяцей з інтэрнатаў і іх суправаджаючыя, а таксама ўсе наведвальнікі цэнтра.
У холе гандлёвага цэнтра на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы пройдуць майстар-класы, якія правядуць выхаванцы Гомельскага дома-інтэрната з дапамогай супрацоўнікаў і валанцёраў для наведвальнікаў ГЦ. У гэты час на пляцоўцы будуць арганізаваны актывацыі, прымаючы ўдзел у якіх людзі змогуць даведацца больш аб правах дзяцей з інваліднасцю і аб тым, як кожны можа дапамагчы ў вырашэнні праблем дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці, у тым ліку тых, хто жыве ў дамах-інтэрнатах.
Для інфармацыі:
Мерапрыемства пройдзе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Выбудоўванне эфектыўных механізмаў абароны для паляпшэння становішча дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і захворваннямі, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця», які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Фінансавую падтрымку Фэсту аказвае Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі. Чакаецца, што галоўны партнёр праекта, дабрачынная арганізацыя «HealthProm» (Вялікабрытанія), таксама падтрымае наш Фэст у Лондане. А тут, у Беларусі, мерапрыемствы плануюць наведаць прадстаўнікі ЕС і Пасольства Вялікабрытаніі.
Арганізатарамі Фэста «Розныя разам» выступаюць Беларускі дзіцячы хоспіс, Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне бацькоў неданошаных дзяцей «Рана», Магілёўскае абласное аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд».
Інфармацыйны партнёр: сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Цэнтр садзейнічання нармалізацыі жыцця сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва «Ёсць справа».