19 і 26 сакавіка мы правялі фэст «Розныя разам»
Фэст уяўляў сабой серыю мерапрыемстваў, прысвечаных правам дзяцей з інваліднасцю. Усе актыўнасці прайшлi ў Валожынскім раёне (Мінская вобласць), Гомелі і ў Круглянскім раёне (Магілёўская вобласць).
У Фэсце прынялi ўдзел дзеці з інваліднасцю, неданошаныя дзецi, іх сем'і і сябры, а таксама дзеці, якія жывуць у дзіцячых інтэрнатных установах, супрацоўнікі дзяржаўных сацыяльных устаноў, прадстаўнікі органаў улады і іншыя госці.
Мэты: прыцягнуць увагу да праблем асаблівых дзяцей у Беларусі, павысiць дасведчанасць грамадства аб праблемах i патрэбах сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю.
Весела, радасна, з жартамі, гульнямі, песнямі і пачастункамі - менавіта так прайшоў 19 сакавіка наш Фэст «Розныя разам». У сядзібе-экамузеi «Свет пчол» (Мінская вобласць, Валожынскі раён) на Фэсце сабраліся дзеці з інваліднасцю, неданошаныя дзецi, іх сем'і і сябры.
Арганізавалi мерапрыемства Беларускі дзіцячы хоспіс i Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне бацькоў неданошаных дзяцей «Рана».
Гасцей чакала цікавая праграма: усе жадаючыя маглі размаляваць гліняную пчолку і забраць яе сабе дадому на памяць, вясёлая праграма «Гуканне вясны», экскурсія па сядзібе, пасля якой гаспадар сядзібы, пчаляр, расказаў усё пра мёд і пчол. Спадабаліся гасцям і выступленні музычнага калектыва. Акрамя таго, на мерапрыемстве бацькі цяжкахворых дзяцей змаглi атрымаць прафесійныя кансультацыі юрыста хоспiса, а таксама праверыць свае веды ў сферы абароны правоў дзяцей з інваліднасцю. У канцы мерапрыемства госці пачаставаліся гарбатай з блінамі з тварагом, мясам, мёдам. Для ўсіх удзельнікаў мы прыгатавалі цудоўныя падарункі: тэматычныя размалёўкі, налепкі, кружкі, сумкі, а таксама духмяную гарбату і мёд.
Падапечныя сем'і РГА "Рана" і ГДА "БДХ" бяруць удзел у майстар-класе па роспісе гліняных фігурак. Дата фота: 19.03.2022. Аўтар фота: Артур Лебядзевіч.
Сем'і, падапечныя РГА "Рана" і ГДА "БДХ" падчас удзелу ў інтэрактыўнай праграме "Гуканне вясны". Дата фота: 19.03.2022. Аўтар фота: Артур Лебядзевіч.
Васіль Фралоў, гаспадар аграэкасядзібы (справа) і член РГА "Рана" падчас інтэрактыўнай гульні. Дата фота: 19.03.2022. Аўтар фота: Артур Лебядзевіч.
У гэты ж дзень у Гомелi сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Цэнтр садзейнічання нармалізацыі жыцця сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва «Ёсць справа» сумесна з Гомельскім домам-інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, правялi фэст «Розныя разам» ў гандлёвым цэнтры «Крышталь». Для наведвальнікаў тут прайшла актыўнасць «Цукеркі з густам праўды»: удзельнікі акцыі не толькі спрабавалі цукеркі з цікавымі назвамі "горкая праўда", "вострая праблема", «асвяжальныя погляды», «някіслая дапамога», «выбухныя перамогі», але і атрымлівалі інфармацыю да разважання. Таксама прайшлi творчыя майстар-класы, якія падрыхтавалі і правялі для ўсіх ахвочых выхаванцы і супрацоўнікі дома-інтэрната: заняткі па вырабе свечак, шыпучай солі для ванны і па скрапбукінгу. Госцi атрымалi інфармацыйныя флаеры. Другім этапам фэста стаў тэатралізаваны паказ «Жыць…», падрыхтаваны выхаванцамі і супрацоўнікамі ўстановы «Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця». Спектакль быў прадстаўлены на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, уваход для гледачоў быў вольны. Інфармацыю пра спектакль жыхары горада маглі атрымаць падчас першага этапу акцыі, на сайце тэатра, а таксама ў сацыяльных сетках «Ёсць справа».
Фотаздымкі пададзены ўдзельнікамі сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр садзейнічання нармалізацыі жыцця сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва «Ёсць справа»:
26 сакавіка Магілёўскае абласное аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд» правёў фэст «Розныя разам» ў экатуркомплексе «Мікалаеўскія сажалкі» (Магілёўская вобласць, Круглянскі раён, вёска Лыскоўшчына). Тут прайшлi гулянні на сапраўдным ветразевым караблі з танцамі, конкурсамі і забавамі, смачнымі блінамі і духмянай гарбатай. Гасцей чакалi таксама майстар-клас па вырабе лялькі «Анёл», бяспройгрышная латарэя «Нашы правы», работа інфармацыйна-прававой пляцоўкі “Сонца свеціць усім аднолькава", тэматычная фотазона, знаёмства і абмен вопытам паміж бацькамі дзяцей-інвалідаў.
Фотаздымкі пададзены супрацоўнікамі Магілёўскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд»:
Для інфармацыі:
Мерапрыемства пройшло ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Выбудоўванне эфектыўных механізмаў абароны для паляпшэння становішча дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і захворваннямі, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця», які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Фінансавую падтрымку Фэсту аказала Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.
Арганізатарамі Фэста «Розныя разам» выступiлi Беларускі дзіцячы хоспіс, Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне бацькоў неданошаных дзяцей «Рана», Магілёўскае абласное аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд».
Інфармацыйны партнёр: сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Цэнтр садзейнічання нармалізацыі жыцця сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва «Ёсць справа».